Вітаем Вас на паэтычнай старонцы Аркадзя Куляшова
Прыціхнуў боль,
Адна туга тупая...
Не пазваніць табе,
Не адшукаць...
Як шчырасці тваёй мне не хапае,
Як не хапае мне цябе, Аркадзь.
Лісток, з галінкі адарваны, шаснуў
Ля сэрца,
Паляцеў — не здаганю...
Гарыць касцёр твой
Ля шашы Варшаўскай,
I кожны дзень
Бягу я да агню.
Штодня жыву між кніг тваіх і песень,
I ціха на зямлі тваёй плывуць
Любімыя табой Віхра і Беседзь
I ў акіян жыццё тваё нясуць.
Цяжкім ты пры жыцці быў ці інайшым,
Каго ты не любіў,
Каго любіў, —
Пачнуць хлусіць мемуарысты нашы...
А праўда ўся:
Ты Куляшовым быў.
Ты мудры быў —
I тут мне не пярэчаць —
I ўсё аддаў праўдзіваму радку...
Ты марыў зноў праплыць па роднай рэчцы,
Каб сонца з вёслаў капала ў раку.
Асенні дзень.
Лятуць на поўдзень гусі.
Над Свіслаччу стаю я пад вярбой
I скарджуся,
I радасцю дзялюся,
I, як заўсёды, раюся з табой.
Пад сонцам
I пад небам перуновым
Цяжэй нам без цябе пісаць і жыць...
I кружыцца планета Куляшова,
I песня пра Алесю ўсё звініць.