Хатка

Сярэдняя: 5 (1 голас)

У дружбакоў маіх згарэла хата,
Ім новую будуе талака.
У лесе, дзе імшарышчаў багата,
Я моху наскубу для іх кутка.

Цясляр ці з пілкай ходзіць, ці з сякерай,
Ці высякае вугал, ці акно.
Я не цясляр, хаджу з цяслярскай меркай,
На вушакі пілую бервяно.

Старанна печкуры кладуць цагліны,
Загнетак выведуць, правесяць шнур.
Я паднясу ім і вады, і гліны,
I печку пахвалю, хоць не пячкур.

Пад новым дахам за сталы паселі
Будаўнікі, калгасныя майстры.
За ўсіх прысутных п'ю на наваселлі,
За нашу дружбу даўнюю, сябры!

Мы абняліся ўтрох, сыходзім з ганку,
Мінаем з песняй вокны — вочы хат,
Нам разам будзе
Менш чым шэсцьдзесят,
Нас кліча адвячорак на гулянку.

На ціхай сенажаці за сялом
У свежым сене нам ляжаць не колка;
Пра хатні клопат наша перапёлка
Пяе таму, хто едзе бальшаком.

Спявае мне.
Ёсць і ў мяне хацінка,
Дагэтуль не абжытая нікім.
Калі мая нясмелая дзяўчынка
У хатку зойдзе з клуначкам сваім?

Далёка недзе,
Вёрст за дзвесце, можа,
Ёй птушка вечаровая пяе
I сэрца тым жа клопатам трывожа,
Як вам і мне, таварышы мае!

У нашай хаце не сціхае гоман,
Там людзі ўсе, нібы адна сям'я.
Дыміць у небе першым дымам комін...
У вас такая ж хатка,
Як мая.

Паўз хату вашу ў поплаў ходзяць цені,
Ім трэба, мусіць, слухаць салаўя.
Ад вокнаў электрычнасць на бярвенні...
У вас такая ж хатка,
Як мая.

Заходзь жа ў хату, родная дзяўчынка,
Мой клопат тут, мой журавінны мох!
На нас,
Як пераступіш ты парог,
Вясёлым вокам гляне журавінка.