Бюро даведак
Выпускнік вясковай сямігодкі
Падышоў пад школьны ганак. Сходкі
На спякоце летняй млеюць, спяць,
Узыходзіць ён:
Ледзь-ледзь рыпяць.
Ён вучыўся тут гадоў з сямі,
Потым свет пабачыў не ў лятунках,
Тросся ў пасажырскім па чыгунках —
Адвыкаў ад школьнае сям'і.
Не адвык.
Цяпер рашае гэтак:
Ад дажджу зайдуся, ад расы,
Кінуся ва ўсе бюро даведак,
Пазнаходжу хлопцаў адрасы.
З невядомае для нас прычыны
Не з хлапцоў пачаў ён, а з дзяўчыны
Пошукі вандроўныя свае
(А для гэтага прычын стае).
Вопратка яго з дажджу дыміцца —
Ён яшчэ пад сонцам не прасох;
Шлях размыты,
На траве пясок...
Тут прайшла нядаўна навальніца.
Кій нясе.
У бакавой кішэні
Залатое вечнае пяро.
Хмар апошніх адплываюць цені.
На краю сяла стаіць бюро.
Ён бяжыць з гары,
Мінае гаці...
Там жыве тае дзяўчыны маці,
У яе даведку можна ўзяць.
А яна? Падумае, што зяць.
Цяжка дыша, адчыняе дзверы,
У руках пяро з лістком паперы —
Вось і скончыў пошукі свае...
Вось і маці.
Ён пазнаў яе.
Маці зяця кліча да стала,
Шчасця міскай поўнаю частуе,
Згадвае пра дочку дарагую,
Што ў гасцях нядоўга пабыла.
Як гасціла тут і як даўно,
I куды паехала — патроху
Маці ўсё раскажа.
У акно
Госць глядзіць на доўгую дарогу.
А назаўтра
Затапіла печ...
А яму дамоў збірацца трэба,
Толькі шкода (вось якая рэч!)
I хацінкі гэтае і неба.
А чаму — не знае сам як след.
Ён не муж дзяўчыны, не каханак.
А яна яму, як светлы ранак,
Як юнацкі непаўторны свет.
Маці за руку гасця ўзяла,
Колькі слоў сказала напаследак.
Адрас ёсць!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дыміць бюро даведак
Пад гарою, на краю сяла.