Ельнік
У кожнага з нас
Ножык —
Адменнага ляза,
У кожнага з нас
Кошык —
Крынічная лаза.
Па ельніку мы кружым,
Ці ёсць баравікі?
Мы іх у печцы сушым
I ніжам на шнуркі.
Нясём удвух у свята
Да крамніка здаваць;
Насушана багата —
Рублёў на дваццаць пяць.
Рублі — дарослым.
Дробязь
Кладзём сабе ў кішэнь;
Сялом — усе так робяць! —
Красуем цэлы дзень.
Чаго захочам —
Купім.
Здаволены сабой.
Імчым між пнёў, між купін.
Куды? — у ельнік свой.
На мох пасеўшы ў засень,
У ельнічку густым
Цыгаркай
«Сценька Разін»,
Як сталыя, дымім.
Над намі звісла вецце,
Пад намі —
Мураўі,
У неба дым віецца —
Два тонкіх ручаі.
За дымам думкі следам
Плывуць —
Мая, твая...
Ты марыш быць паэтам,
Быць трактарыстам — я.
Над ельнікам імглістым
Плыве за годам год.
Стаў друг мой трактарыстам,
А я? —
Наадварот.
Праз вёсны, леты, зімы
На роднай цаліне
Я чую гул любімы...
— Працуй там за мяне.
Паўз ельнік ён праедзе,
Па дружбаку ўздыхне...
Верш трапіцца ў газеце:
— Пішы там за мяне.
Мы вершы з ім напішам,
Зямлю дагледзім з ім,
Адным дымком падышам
I ельнікам адным.