Не злуйся, акіян, калі патраплю...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Не злуйся, акіян, калі патраплю
Я з рук тваіх нарэшце на зямлю,
Што не табе, сыходзячы па трапу,
Сваё «бывай!» пашлю, а караблю.

Ты не лаві мой позірк развітальны,
Расчулены, дарэмных слёз не лі —
Яшчэ не хутка шторм дзесяцібальны
Мяне насіць пакіне па зямлі.

Яшчэ не хутка пругкаю хадою
Стамлюся вымяраць я свет жывы
Тваіх глыбінь, схаваных пад вадою,
Тваіх далін працяг берагавы.

Са сховаў патаемных, як з ракушкі,
Не выпушчу я хваляў штармавых,
Каб слухалі іх нівы, кветкі, птушкі,
Прыпаўшы вухам да грудзей маіх.