Пад восеньскім небам
Tagged:
Спазніліся мы,
Хоць і вельмі застаць іх хацелі,
У вырай яны, баючыся зімы,
Адляцелі.
Пад імі мільгае і гаць,
I азёры,
I ўзгоркі,
I ім не відаць
Ані нашы шынелі, ні зоркі.
Каб нашыя зоркі заўважыў
Важак жураўліны,
Напэўна б, разважыў,
Што гэта блішчаць журавіны.
А гусі?
Адкуль ім
Адрозніць за хмаркамі тымі
Шынелі ад купін,
Нядаўна пакінутых імі?
Каб ніжай былі яны
I ў туманах маскіроўкі
Разгледзець маглі яны
Зоркі, шынелі, вінтоўкі, —
Адрокся б ад высяў,
Ад цёплага выраю жораў,
Сюды б з сінявы сеў
На шкло магілёўскіх азёраў.
Каб зверху пазнаць
Нас маглі пералётныя гусі,
Зіму зімаваць
Засталіся б яны ў Беларусі.