Як дзень адыходзіць, прыходзіць нябыт...

Яшчэ не ацэнена

Як дзень адыходзіць, прыходзіць нябыт
Начных заспакоеных сноў,
Ізноў я выходжу глядзець на блакіт,
На зоры далёкія зноў.

Як нам таямнічы іх шлях разгадаць?
Яны за арбітай зямлі
Праз дальнія далі, праз сінюю гладзь
Плывуць, як плывуць караблі.

Плывуць, і шляхоў іх праменная ніць
Загадкава мару кране:
I там у каго-небудзь сэрца гарыць,
Як сэрца гарыць у мяне!

Магчыма, і ён за пачаткамі схем
Сядзіць і не лічыць гадзін
Над безліччу гэткіх, як мы, тэарэм,
Над планам складаных машын.

Прымі прывітанне, бясконцы сусвет
Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў,
Далёкі таварыш, далёкі паэт
З няходжаных Млечных Шляхоў.

А я на зямлі — малады астраном —
З нязнаным размовы вяду.
Наш вецер трывожыць траву за акном,
Наш вецер трывожыць ваду.

Далёкі таварыш і казак і сноў,
I песень абуджаных госць,
У жылах тваіх неспакойная кроў,
Няўрымслівая маладосць!

Мы творчаю прагай разбурым мяжу,
Працуй над складанасцю схем,
I я калі-небудзь табе раскажу
Урыўкі пачатых паэм.

Тады мы ў прасторы абжытых планет —
Да іх жыхароў і жылля —
Ад нашых хацін адашлём свой прывет:
«Увага!..
Гаворыць...
Зямля!»