Каменка
Жыў дзед мой, ходзяць чуткі,
Каля дняпроўскай плыні,
У Каменцы бялюткай,
На мілай Украіне.
Любіў ён вішань лісце,
I стэп любіў, і хвалі;
Яго паны калісьці
На Беларусь прадалі.
Май бацька нарадзіўся
Ужо на Беларусі,
Там палюбіў ён пушчы
I лозы ў родным лузе.
Вось з Беларусі еду
Я па дняпроўскай плыні,
Пра Каменку пытаю —
Іх многа на Украіне.
Мне любы стэп шырокі
I водар сенажаці,
Як быццам тут радзіла
Мяне калісьці маці.
Мне любы край вось гэты
I той, адкуль я еду,
Я горача люблю іх
Любоўю бацькі, дзеда.
Але не менш люблю я
Край,
Што завём адзіным,
Даўно сябе лічу я
Яго грамадзянінам.
Запала яго неба
У вочы мне глыбока:
Ад Брэста ехаць трэба
Аж да Ўладзівастока.
Нікому не дазволіць
Прадаць, ні заняволіць
Ні ўнука, ані сына
Край любы,
Край адзіны.
Люблю мой край за тое,
Што ў ім часы другія,
Што згінула былое
I Каменкі былыя.