Цыкл вершаў «Маналог» Аркадзя Куляшова

У 1965 г. А. Куляшоў напісаў цыкл вершаў, аб'яднаных агульнай назвай «Маналог». Ён прысвечаны памяці сяброў-паэтаў З. Астапенкі і Ю. Таўбіна, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. У першым вершы паэт як бы акрэслівае мэту і задачы цыкла:


                       Дзе б я ні быў, дзе б мне ні давялося
                       Убачыць дол сівы ад палыну,
                       Пякуча сэрца сціснецца, і лёс я
                       Загінуўшых без весткі памяну.

«Маналог» напоўнены глыбокім асабістым перажываннем, вернасцю былому сяброўству і агульнай справе. «Я — ваша памяць, вы — маё сумленне, я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім», — сцвярджае аўтар. Дачасна загінуўшых сяброў ён называе кнігамі без старонак, лістамі без дрэў, дарогамі без слядоў, і таму грамадзянскі і маральны абавязак паэта прадоўжыць справу загінуўшых сяброў юнацтва. Ён павінен быць «вартым тых спраў абарваных, кніг недапісаных».

Цыкл «Маналог» адзначаны горкім, драматычным пафасам. «Ён быццам бы складзены з камення ці выкаваны з бронзы... Гэта як эпітафія, выбітая на камені», — скажа пра яго З. Азгур. У вершах «Маналога» — роздум паэта аб маральным абавязку людзей перад памяццю, аб непераможнай сіле праўды і справядлівасці, аб значэнні творчасці ў жыцці грамадства, аб адказнасці творцаў перад часам і людзьмі. «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам», — сцвярджае А. Куляшоў.