Гадзіннік мой — не сонца, што ў зеніце...
Гадзіннік мой — не сонца, што ў зеніце,
Гадзіннік мой — не сэрца, што ў грудзях.
Сваім дакладным часам на арбіце
Сама зямля мой вымярае шлях.
Начы і дня адбіўшы чаргаванне,
На месцы не стаяць мацерыкі —
Па іх жывым і сонечным экране
Бягуць дарог і рэчак ручнікі.
Дыван вясны перацвітае ў лета,
Завея лісцяў — у сняжынак пух;
Я не хачу, каб некалі ўсё гэта,
Хаця б на момант, свой спыніла рух.
Хай сэрца стане, сонца ў хмарах згіне,
А ты, Зямля, няспынным крокам кроч,
Не дай на той мне ўпасці палавіне,
Дзе дня не будзе, будзе толькі ноч.