Чалавек юбілейнага ўзросту...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Чалавек юбілейнага ўзросту,
Прамоў віншавальных
Раптам блазнам зрабіўся
I сам перайначыў свой лёс.

Хто казаў,
                  што пайшоў ён
У госці да казачнай пальмы,
Хто казаў,
                   што на пошукі
Вечназялёных бяроз.

Чалавека паважнага
Грэшная муха ўкусіла,
А ці джалам пяту апякла
Працаўніца-пчала,
А ці збег ад дрымоты сваёй,
Адтаго, што асіна
У зацішным балоце
Па ім сумаваць пачала.

Падхапілі яго маладыя,
Як свет,
              парыванні,
Знік з вачэй,
                      як у лесе,
Ад спраў адарваны былых.
Нечакана з'явіўся
Адказам жывым на пытанні —
Асмуглелы,
                      усмешлівы,
Незразумелы для ўсіх.

Перад ім,
                 як вярнуўся,
Не твары мільгалі, а спіны,
Адварочваўся кожны,
Хто ведаў яго, хто не знаў.
Ён жа,
           ловячы смешкі
I чуючы крыўдныя кпіны,
Не зважаў на тых жаб
I, як бусел, іх моўчкі глытаў.

Уздыхаў дамасед па ягоных
Загубленых летах,
Уздыхаў ён і сам,
                              ды не так
Па вандроўных шляхах,
Як па тых седунах,
Што стыдаюцца выраяў гэтых,
Што па дуплах трухлявых
Сядзяць на гнілых баўтунах.

Хай вядома ім ісцін
Агульнавядомых бясспрэчнасць,
Ён таксама іх знаў,
Але ў сэрцы абуджаным нёс
Ён і вечназялёную
Пальмаў нявечнасць
I трывалую вечнасць
Нявечназялёных бяроз.

Так, зазнаў ён не з кніг
Палымяную повесць жаданняў,
Сумняванняў, трывог,
I хоць назвы яшчэ ім няма,
Хоць адвык ад чарніл,
Але ўжо ён крывёю шуканняў
Піша знак запаветны на дрэве —
Натхнення імя.

Хутка знойдуцца назвы
Жаданням,
                    трывогам,
                                      сумненням,
Шумны вывадак свой
Ён ахвотна аддасць друкарам,
Баўтуны — седунам, а спакой —
Дамаседам сумленным,
Песням — знак запаветны,
А сэрца ўсё тым жа шляхам.