Крылы

Сярэдняя: 3.8 (5 галасоў)

Я пакідаў маленства край,
Дзе жыў жыццём вясёлым,
Прыйшла і мне чарга бывай
Сказаць лясам і долам.

Глядзелі зоры на мяне
Здалёк, як на другога,
Нібы за жорава мяне
Лічылі маладога.

Глядзелі з вокнаў аганькі
Мне ўслед з трывогай шчырай,
Нібы ў далёкі і цяжкі
Я падымаўся вырай.

Зямля шаптала мне — ляці,
Спяшайся, жораў ранні,
Цябе чакаюць у жыцці
Усе выпрабаванні.

Яны стаяць за радам рад:
З крыві, агню, з жалеза.
Ляці!
Няма шляхоў назад
Да салаўёў і бэза.

Адчуў я прагу вышыні,
Зямля дала мне сілы,
Мяне ўзнялі юнацтва дні —
Майго адлёту крылы.

Свіст кулі чуў я на вайне,
Штык не здымаў з вінтоўкі.
Там, нібы з жорава, з мяне
Ляцела пер'е толькі.

Дзе ні праехаць, ні прайсці —
Я поўз, я лез, упарты.
Я не шкадую! Дзесяці
Не бітых біты варты.

Каб нават я забіты лёг
На дно сырой магілы,
Скарыцца б і тады не змог,
Свае не склаў бы крылы.

Я б зажадаў яшчэ зазнаць
Адно выпрабаванне —
З магілы ўстаць, хоць цяжка ўстаць,
Каб зноў убачыць ранне.

Адмыў бы я імглу з вачэй
У ручаі самохаць,
Зямлю атрос бы, каб людзей
Зямлёю не палохаць.

Рвануўся б з месца, каб набраць
Паветра ў грудзі й жылы.
...Няхай ляцяць, ляцяць, ляцяць
Майго юнацтва крылы!