Сышлося неба з акіянам блізка...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (1 голас)

Сышлося неба з акіянам блізка:
На горы хваль кладзецца хмар туман.
Мне хораша! Не грозны акіян
Мяне гайдае, а вякоў калыска.

Я слухаю — ужо не чалавек —
З маўклівым, невыразным захапленнем
Да болю блізкі шум водазмяшчэннем
У міліярды міліярдаў рэк.

Я адчуваю, як насустрач сушам
Нясуць мяне ўспаміны, а не сны,
I там мяне перадаюць яны
Другім Шляхам, другім вятрам і сцюжам.

Дзіця вады, паўзу я ў глыб лясоў,
Развітваюся з берагам пясчаным,
Каб чалавекам, з глыбіні вякоў,
Устаць і зноў сустрэцца з акіянам.