Маё пасведчанне
Tagged:
Дадзена яно сабе самому Ў тым, што нарадзіўся ў год вайны. Нянек не было ў мяне, вядома, Песень не спявалі мне яны. Думала вайна, як кананадай Лепей ёй мяне закалыхаць; Клапацілася, як лепш блакадай Рукі мне і ногі спелянаць. Шмат вайной людзей закалыхана, Многа спіць іх у зямлі сырой. Выйшаў я на бой смяротны рана З нянькаю няпрошанай людской. Колькі раз мне на гарах, на сопках Засцілала свет вайны імгла? Колькі раз паставіць куля кропку Пад маім пасведчаннем магла? Зведаў я ўсе бітвы на планеце, Кожны дзень ішоў з агню ў агонь. Трыццаць сем гадоў жыву на свеце — Болей чым трынаццаць тысяч дзён. З баявою выкладкай салдата Праз эпоху бур праходжу я. Колькі год мяне чакае хата, Мой бацькоўскі кут, мая сям'я? Забяжыш, бацькоў абдымеш, жонку I дзяцей прытуліш да грудзей, Ды ізноў — калонам наўздагонку — У бой за мір і шчасце для людзей. У суровы век жыву сурова, Жыць інакш не здолеў бы зусім. Сведчаннем таму вось гэта слова, Што пранёс я праз агонь і дым. Сведчаць гэта ўсё лясы і гаці, Сведчыць гэта ўсё Зямля сама — Круглы шар, падобны да пячаці, На якім жыву я не дарма.